Свята «Разаўем вянкі на ўсе святкі, на гадавыя празнічкі»


масленица

колядки

Фальклорны гурток праводзіцца на працягу двух гадоў. Паступова збіраецца рэпертуар, дзеці далучаюцца да народнай творчасці. Калі ў рэпертуары дастаткова песень, карагодаў, танцаў, можна сабраць увесь гэты рэпертуар у вялікае свята, якое аб’яднае гадавыя святы у так званае «кола гадавых свят» і замацуе веды, атрыманыя на працягу заняткаў у фальклорным гуртку.

Вядучы — Добры дзень усім вам, нашы ягамосці!

Нездарма прыехала я да вас у госці!

Сярод вас, мае любыя пасядзець,

На такіх прыгожых паглядзець,

Вас паслухаць ды й самой не маўчаць:

Што мяне захапляе — усім расказаць.

Напаткала куфэрак я дзіўны,

Куфэрак дзіўны, скарбаў поўны.

Той куфэрак, бабуліну спадчыну,

Ушаную, зберагу як пяшчоту матчыну.

Раскажу аб ей усім дзетачкам,

Усім дзетачкам малалетачкам.

Што ж тут есць?

Вам цікава даведацца?

Калі так — расказаць і вам прыдзецца.

(адчыняе куфэрак, бярэ ў рукі калядную маску)

Узяўшы ў рукі прагожую маску,

Я нібы чую бабуліну казку…

(уваходзяць дзеці, спяваючы)

А рана, рана куры запелі.

Святы вечар добрым людзям.

Куры запелі на тры празнічкі.

Святы вечар добрым людзям.

Першы празнічак — Свята Ражаство.

Святы вечар добрым людзям.

Другі празнічак — Свята Васіля.

Святы вечар добрым людзям.

Трэці празнічак — Свята Крашчэння.

Святы вечар добрым людзям.

Вядучы — Ну вось, прыйшлі Калядкі —

Гаспадарам парадкі.

А зімою на калядкі

Смачныя пяклі аладкі.

Прыбіраліся у маскі-

Не пазнаеш без падказкі.

Бралі ў рукі карабец,

Па весцы ішлі з канца ў канец.

Песня «Ішла каляда»

Ішла Каляда з канца ў канец.

Каляда-калядзіца, добрая маладзіца.

Ішла Каляда калядуючы.

Каляда-калядзіца, добрая маладзіца.

Ішла Каляда жабруючы.

Каляда-калядзіца, добрая маладзіца.

 

Вядучы — Ішлі, прагаворвалі, як адзін:

1 — Калядзін, калядзін,

Я ў бацькі адзін.

Караценькі кажушок.

Дайце мне піражок.

2 — Мо няма чаго даваці,

Бо любілі доўга спаці?

Можа ўлетку ў халадку

Вы ляжалі ў садку

Ды нічога не прыдбалі?

Дык навошта мы спявалі?

 

Вядучы — Паслухайце: нешта ў даліне

Шуміць ды гудзе…

Дзіця — Відаць, стары павадыр казу вядзе.

Вядучы — Дзе каза рогам —

Там жыта стогам.

Дзе каза хвастом —

Там жыта кустом.

Дзе каза нагою —

Там жыта капою.

Пад песню «Пасярод сяла» уваходзіць Павадыр з Казою.

Песня «Пасярод сяла»

Пасярод сяла ды стаіць вярба.

Каляда, каляда (паўтор пасля кожнаша радка)

На таей вярбе ды сядзшць каза.

А прыйшоў да яе ды сівы воўча.

— Ты злезь, козка, патанцуем трошка.

— Не палезу, воўча, я цябе баюся.

Чаму ў цябе, воўча, вялікія зубы?

Я ў караля быў, каралю дровы сек.

Чаму ў цябе, воўча, ды вялікі хвасцец?

Я ў караля быў, каралю хату меў.

Пасярод сяла ды стаіць вярба.

 

Павадыр — Ішлі мы ад ваяводы,

Стрэлі нас прыгоды.

Выскачыў з лесу воўк —

Аблупіў казе хвост.

Выстраліў стралец —

Адбіў казе хвасцец.

Каза мая ўпала,

Лягла і прапала.

Дай кусок сала,

Каб каза ўстала.

Гаспадыня (яна ж вядучая) частуе каляднікаў

Павадыр — Ну, каза, закладай рогі

Ды падбірай ногі,

З хаты выхадзі

І бяду вынасі.

(усе дзеці выходзяць з залы)

Вядучы — Прайшлі Калядкі —

Гаспадарам парадкі.

А за імі шчодры вечар

Зусім блізка, недалеча.

Пад акном стаіць, гукае:

 

Дзіця — Што ты, баба, гатавала?

Што варыла, што пякла —

Давай адразу да вакна.

 

Вядучы — Ды не стой пад вакном,

А хадзі ў хату.

Будзем есці пірагі —

Абліжаш лапату!

Уваходзяць дзеці з песняй

«Прылятаў сокал да ваконца»

Прылятаў сокал да ваконца.

Шчодры вечар, добры вечар!

Добрым людзям на здароўе!

Дый заглядваў ен у свяцелку.

Шчодры вечар, добры вечар!

Добрым людзям на здароўе!

(Сярод каляднікаў — Мядзведзь і Важаты)

Важаты — А я шчадрую

Ды каўбасу чую.

Здаровы свята ждаць,

Ваш дом павіншаваць.

Дазвольце пашчадраваць.

Гаспадыня дазваляе пашчадраваць

Важаты — Ланцуг залаты,

Мядзведзь малады.

Яу раўне, як рыкне

Ажно сэрца злякне.

А ты, Міша, не ляніся,

Добрым людзям пакланіся.

Раскажы нам, Мішанька,

Пакажы нам, Мішанька,

Як бабулькі скачуць.

Мядзведзь — Вось так,

Так і гэтак,

Так бабулькі скачуць.

(Потым Мядзведзь паказвае, як скачуць дзязулькі, дзяўчынкі, хлопчыкі і… раптам падае)

Вядучы — Ох, людзі, Мядзведзь здох!

(Нахіляецца над мядзведзем, слухае)

— Ціха, нешта кажа!

Кажа, каб патанцавалі шчадроўнікі.

 

Дзіця — Усе хутчэй настаўце вуха,

Загучыць для вас «Трасуха».

Полька есць у нас такая,

Беларуская, ліхая.

Як яе мы затацуем

Дык ніколі не сумуем.

Танец «Трасуха»

Гаспадыня частуе ўсіх шчадроўнікаў.

Дзеці:

1 — Дай жа, Божа, пані гаспадыня,

Жыці-быці,

Сто бочак жыта намалаціці.

Паўбочкі прадаці,

Багатымі стаці.

 

2 — Каб у гэтай хаце

Было заўжды што даці,

Каб мякіну не таўклі

І хлеб з яе не пяклі.

 

3 — Каб заўседы хата

Была прыбрата.

Міскі, лыжкі памыты,

А дзеткі вашы сыты.

Песня «На нова лета» (дзеці выходзяць з залы)

На нова лета хай родзіць жыта.

Шчодры вечар, багаты вечар (паўтараць пасля коднага радка)

Жыта, пшаніца, усякая пашніца.

Жадаем табе, слаўны гаспадару,

Піва варыці, сыноў жаніці,

Пасаг збіраці, дочак выдаваці.

Залезь на баляску, дастань каўбаску.

Залезь на драьіну, дастань саланіну,

Кошычак маку да таго прысмаку.

 

Вядучая — Як ні хаваліся мяцелі,

А два тыдні праляцелі,

А дзеткі блінамі ў мед макалі,

Доўга Калядкі ўспаміналі.

(дастае з куфра званочак)

Паглядзі, званок які!

Звон ідзе ва ўсе бакі!

Пачуў вожжы з бубенцамі —

Чакай Масленку з блінамі.

Наша Масленка гадавая —

Яна ж госцейка дарагая!

Яна ж пешаю к нам не ходзіць,

Усе на коніках раз’язджае.

(уваходзіць гурт дзяцей)

 

1 — А мы Масленку дажыдалі

І ў ваконца паглядалі.

Гару сырам набівалі,

Зверху маслам палівалі.

 

2 — А ад сыра гара сыра,

А ад масла гара ясна,

А на двары сняжкі сыплюць,

А нас мамкі дамоў клічуць.

Нам дамоўкі не хаціцца,

Нам хаціцца пракаціцца.

 

Песня «Кую, кую ножку»

3 — Ой, топчам мы снег, топчам,

А што мы з яго вытапчам?

 

4 — Траўку-мураўку на вясну,

А ціхае жыта — на лета.

Песня «Масленка»

Ідзі, зіма, да Кракава.

Зноў прыйдзеш ты аднакава.

Ідзі, зіма, да Кіева.

Ты нам лета пакінула.

Ідзі, зіма, да крыніцы

Ды й забірай рукавіцы.

(дзеці пакідаюць залу)

 

Вядучая — (дастае з куфра прыгожы вянок)

— Вось вяночак прыгожы гэты

З самых лепшых зроблены кветак.

У ім бабуля вясну гукала,

Зіму студзеную замыкала.

(пад песню ўваходзяць дзяўчаты)

Песня «Жавароначкі, прыляціце!»

Жавроначкі, прыляціце,

Вясну красную прынясіце,

Каб сонейка засвяціла,

Каб снег белы растапіла.

 

Жавароначкі, прыляціце!

Зямлю матухну абудзіце

І дожджыкам напаіце,

Каб травачкі парасціла,

Каб волікаў накарміла.

 

Вядучая — Сабраліся дзевачкі

У прыгожых вяночках.

У такім і мая бабуля

Карагоды вадзіла.

Карагоды вадзіла,

Каб жыта радзіла.

 

Дзяўчынкі:

1 — Пойдзем, дзевачкі,

У лугі-лужочкі,

У лугі-лужочкі

Завіваць вяночкі.

 

2 — Завіваць вянкі на святкі,

На гадавыя празнічкі.

 

Карагод «Зацвілі вяночкі»

Зацвілі вяночкі, зацвілі зяленыя

На годы добрыя, на жыта густое.

На авес каласісты,

На ячмень ядраністы,

А на грэчку чорную,

На капусту белую.

 

Вядучая — Вуліца, вуліца,

Шарокая вуліца.

Хадзілі, гулялі, дзеўкі карагодамі.

Ударылі, ударылі

Дзевачкі ў далонечкі.

Дзяўчынкі тры разы б’юць у далоні

1 — Хто ж у нас, хто ж у нас

Першы хадзіць будзе?

 

2 — Хто ж у нас, хто ж у нас

Песні пачынаць будзе?

 

Усе — Марылька!

Марылька — Ідзе, ідзе карагод,

Усе дзевачкі напярод.

А хлопчыкі за намі,

Маргаючы вачамі.

Карагод з вяночкамі

Вядучая заглядае ў скрыню, бярэ ў рукі птушку-свістульку

Заспявалі жаўрукі,

Пайшлі па весках спевакі

Зіму канчаці, лета пачынаці.

Ішлі валачобнікі,

Іграючы, спяваючы,

Багатага двара шукаючы.

 

Дзеці-валачобнікі:

1 — Пойдзем у першую хату, дзе серабро звініць.

2 — У другую, дзе сала шыпіць.

3 — У трэцюю, дзе золата блішчыць.

4 — А вунь у той бліны пякуць,

Бліны пякуць ды й нам дадуць.

 

Карагод «Па лужкам»

1.Па лужкам, лужкам, лужкам

Разлівалася вада.

Гэй, люлі, гэй да люді   (паўтор пасля кожнага куплета)

Разлівалася вада.

2. Разлівалася вада,

Рассцілалася трава.

3. Рассцілалася трава,

Расцвіталі усе цвіта.

4. Што на той жа на траве

Дзеўкі водзяць карагод.

5. Падайду я к карагоду,

Пакланюся я народу.

6. Падайду я пабліжэй,

Пакланюся я ніжэй.

 

Валачобнікі:

1 — Валачобнікі валалчыліся,

Валачыліся, намачыліся.

А за чый жа двор зачапіліся?

 

Вядучая — Вароты шырокіч,

Жывуць тут дзеткі харошыя.

У іх галоўкі, як макаўкі.

Яны шчабечуць, як ластаўкі.

 

2 — Гаспадынечка, як маліначка,

Есць у нас да цябе навіначка:

Кідай сваю пражу,

Зіма ўжо прагнана.

 

3 — Вазьмі сітца, насып жытца.

Дзяржы роўна, насып поўна.

Не будзем клясці, што цяжка несці,

А будзем хваліць, што ўмееш хваліць.

 

4 — Сыр беленькі — для коласа,

Кваску — для голаса.

Мы свае боты патапталі,

Пакуль пана запыталі.

 

Вядучая — Як добра будзеце спяваць,

Дык добра буду частаваць.

 

Песня «Тпрунда, баба»

Тпрунда, баба, тпрунда, дзед,

Хапіліся — хлеба нет.

Пайшлі пабірацца,

Хлеба не набрацца.

Села баба на барана

І паехала да пана,

Зачапілася за пень —

Прастаяла цэлы дзень.

Каб не тыя панічы —

Прастаяла б да начы.

Сел баба на барана

І паехала да пана.

Зачапілася за корч —

Прастаяла цэлу ноч.

Каб не тыя ахвіцэры,

Прастаяла б да нядзелі.

Села баба на барана

І паехала да пана.

Зачапіласа за плот —

Прастаяла цэлы год.

 

Вядучая — Народ наш працавіты

Любіў гумар сакавіты.

Таму і сення чуем:

(звяртаючыся да дзяцей-валачобнікаў)

Вось і пачастую:

Запявальнічку — капу яечак,

Памагальнічку — дзесятачак,

А механошу — жыта калошу.

Няхай нясе, хоць парвецца,

Хоць жа з яго гспадар пасмяецца.

(валачобнікі выходзяць з залы с песняй)

 

Вядучая — І сення бабуліна песня пяецца,

А яна быццам ціхенька

Мне уміхнецца.

(дастае з куфра жменьку зярнят)

 

Жменька зярнят у руцэ не маўчала,

Як Тройцу святкуюць, яна расказала.

Гэтую жменьку бабуля трымала,

На Семуху-Тройцу не раз паўтарала.

(уваходзіць новы гурт дзяцей пад песню «Ой, Тройца»)

Ой, Тройца, Тройца, Багародзіца.

пасеем жытай да няхай зародзіцца.

Пасеем жыта і пшанічаньку,

Зарадзі, Божа, усякую пашнічаньку.

 

Вядучая — А пшаніца там радзіла,

Дзе дзяўчаты куста вадзілі.

Дзяўчаты выводзяцб наперад Куста: дзяўчынку, упрыгожаную бярозавымі галінкамі.

1 — Мы былі ў зяленым лесе

І звілі куста з зяленага клену.

Ды выйдзі, пані, з новага пакою,

Ды вынесь нашаму кусту

Хоць па залатому.

 

2 — У нашым двары пані хароша,

Не пашкадуе нашаму кусту грошай.

Просім, пані, куста падарыці,

А свой дом ды завесяліці

 

Вядучая — Дык завесяліце спачатку!

 

Карагод «Пасеялі дзеўкі лен»

Пасеялі дзеўкі лен.

Гэй, люлі, дзеўкі лен (паўтор пасля кожнага радка)

Пасеяўшы, палолі.

Белы ручкі калолі.

Дзеўкі лянок сабралі,

Белы кужаль папралі.

Палаценца паткалі.

(на заканчэнне карагода вядучая выводзіць дзяцей з залы)

Вядучая, трымаючы ў руках снапок:

— А гэты снапочак ясны,

Як месячык красны,

Кажа мне, як ішілі малажайкі

На спраўленне дажынак.

Паглядзець на дабро гаспадаркі

Ды прыняць поўны жыта абірак.

Карагод «Ой, на гары жыта многа»

1. Ой, на гары жыта многа,

Ой, ой, ой-ой-ой.

Палавіна зелянога

Гояй, гойя, гойя, гой.

2. Ішлі дзеўкі жыта жаці.

Ой, ой, ой-ой-ой.

Да забылі серп узяці.

Гояй, гойя, гойя, гой.

3. Серп узялі — хлеб забылі.

Ой, ой, ой-ой-ой.

Вось такія жнейкі былі.

Гояй, гойя, гойя, гой.

4. Лепш бы яго хлопцы жалі.

Ой, ой, ой-ой-ой.

Яны б яму рады далі.

Гояй, гойя, гойя, гой.

Вядучая, узняўшы над галавой вянок з каласкоў —

А потым быў вянец —

Ніўцы канец.

Карагод «Дачакалісь лета»

1.Дачакалісь лета

Ды й нажалі жыта.

Лецечка цяпленька,

Жыта залаценька.

2. Ешце, маладзіцы,

З медам паляніцы.

Хлопцам і дзяўчатам —

Піражочкі з макам.

3. З жыта ды пшаніцы

Смачны паляніцы.

Усіх мы пачастуем,

Яшчэ й затанцуем.

Вядучая — Жнейка лепшая ішла

Ды вяночак той нясла.

Карагод «Вяночак»

1. Сяло наша весяло,

Мы вяночак несямо.

Не з золата, а з ярыцы

Із азімае пшаніцы.

2. Ой, месячык, месячыку!

Свяці ж нам дарожаньку,

Каб мы ўсе не заблудзілі

І вяночка не згубілі.

3. Бо вяночак наш красны

Як месячык ясны.

Яшчэ выўэйшы ад плота,

Даражэйшы ад залота,

Шчэ вышэйшы ад гары,

Шчэ яснейшы ад зары.

Жнейкі падходзяць да гаспадыні

1 — Адчыні нам хатку,

Упусці Багіню-матку.

2 — Пераймі, пані, свае дабро

Ды нясі сабе ў гумно.

Віншую пані вянком

І добрым здароўем.

3 — Забі нам, пані, гускі,

Не пашкадуй цялушкі.

Гаспадынька таўстая,

Ці есць каша густая?

Стаў ды настаўляй нам

Марцыпаны з мясам.

Вядучая частуе дзяцей:

Гэта вам, жнейкі, што рана ўставалі,

Сынам, маім сакалам,

Дачушкам, што з мамай уставалі,

Усяму лад давалі.

Цяпер час у добрай згодзе

Закружыцца ў карагодзе.

4 — Разрашыце танцаваць,

Разрашыце топнуць.

Хай у гэтай вашай зале

Падваліны лопнуць.

Танец «Чорна галка»

1. Кацілася чорна галка

Па бару, па бару.

А за ею ясны сокал

паблізу, паблізу.

Пастой, чорна гаока,

Ты мая, ты мая.

Яна яму шчабятала:

— Не твая, не твая.

2. Я ў Бога сірацінка,

А ты пан, а ты пан,

Пашукай сабе дзяўчынку,

Як ты сам, як ты сам.

3. Абляцеў я ўсе апушкі

Шчэ й бары, шчэ й бары.

Не знайшоў такой я птушкі,

Як і ты, як і ты.

Вядучая дастае з куфра прыгожы фартух:

— Фартух дарагі,

Вышываны берагі.

У ім мая бабка

І дзед Талаш

Спяшаліся на кірмаш.

Дзеці-прадаўцы, дэманструючы свой тавар:

1- Прыгожыя хусткі,

Хусткі для кабетак.

2 — Лялькі, свісцелкі,

Цацкі для дзетак.

3 — Яблыкі мачоныя

І грыбы сушоныя.

Есць на нашым кірмашы

Усім патрэбныя кашы.

4 — Сваю гаспадарку

Паказаць вам рады,

Рады і паслухаць

Вашыя парады.

5 — Што запрацавалі,

Што ў засеках маем,

Ад людзей нічога

Сення не хаваем.

Карагод «Дажынкі»

6 — Трэба хоць адну часіну

У вяселасці пажыць.

Замяцем гора пад лаўку —

Няхай гора паляжыць.

7 — Эх, туры-растатуры,

Беларускай мы натуры.

Усім хочам паказаць,

Як умеем танцаваць.

8 — Музыкі, іграйце,

У цымбалы біце.

Ельскія харашухі,

Гуляці ідзіце.

(хлопчыкі збіраюцца гуртам)

Вядучая — Баярэ, куды сабраліся?

Хлопцы — У сваты!

Вядучая — Дык нешта ж дзеўкі малаваты!

Хлопцы — Нічога, падрастуць!

1 — Першым я йду выбіраць,

З кім хутчэй у пару стаць:

Самую прыгожую,

На сонейка схожую!

2 — А я з той пайду скакаць,

Што ўмее вышываць.

Вось з гэтай паненкай

У прыгожай сукенцы.

3 — А я з той пайду скакаць,

Што ўмее прыпяваць.

4 — А мне спадабалася тая,

Што каса тугая.

5 — А я вазьму тую,

Што лепш за ўсіх танцуе.

6 — А мне тая спадабалася,

Што сама засталася.

Танец

Вядучая, трымаючы ў руках бохан хлеба на расшытым рушніку:

— Апошняе цуда бабулінай скрыні —

Найдаражэйшае, хоцб сто гадоў міне.

Доля на вянку,

Хлеб на рушніку —

Кветкам пакланяецца,

З вамі вітаецца.

(частуе хлебам усіх прысутных)

Ох, я казала,

Да й рэшата наказала.

Паставіла на вярбе,

Наляцелі сарокі,

Сарокі-прарокі

Ды скінулі рэшата дадолу.

Ды і мне пара дадому.

Каго заціквіла бабчына скрыня,

У наш садок завярніце,

Не праходзьце міма.

Прывітаем хлебам-соллю

І пасадзім на застоллю.

Усе, што есць у нас — пакажам,

А чаго няма — раскажам.

А на гэтым слове — будзьце здаровы!

Самі з сабою ды і з раднею,

Ды з усім домам, ды з усім родам.


Похожие записи:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Проверка *